БАЙКА́ЛЬСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,

познарыфейска-вендская складкавасць, эра тэктагенезу ў познім пратэразоі (каля 900—550 млн. гадоў назад), што папярэднічала каледонскай складкавасці. Вылучана ў 1932 рус. вучоным М.С.Шацкім. Тыповыя раёны развіцця байкалідаў — у Азіі (Енісейскі краж і Байкальская горная вобл.). Шырока выявілася на прылеглых да стараж. платформаў (кратонаў) тэрыторыях. Аналагі Байкальскай складкавасці: кадомская (асінцкая) у Зах. Еўропе, катангская ў Афрыцы, гадрынская і бразільская ў Амерыцы, луінская ў Аўстраліі. На Усх.-Еўрапейскай і інш. платформах узнікла сістэма аўлакагенаў. Байкаліды ўтвараюць ядры многіх палеазойскіх складкавых сістэм: Урала, Ціманскага кража, Цэнтр. Казахстана, паўн. часткі Цянь-Шаня і інш., уваходзяць у склад фундамента Зах.-Сібірскай і Зах.-Еўрапейскай маладых платформаў. З зонамі Байкальскай складкавасці звязаны радовішчы медзі, золата, волава і вальфраму.

т. 2, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)